ПАРТЭНАПЕ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА [назва ад стараж. наймення Неапаля — Партэнапея (грэч. Parthenopeia)]. Абвешчана ў Каралеўстве абедзвюх Сіцылій 22.1.1799 неапалітанскімі рэспубліканцамі, якія пры падтрымцы войск франц. Дырэкторыі скінулі манархію Бурбонаў. Урад П.р. правёў некат. прагрэсіўныя рэформы (адмяніў права першародства і замяшчэння, адм. рэформу і інш.). Франц. войскі пасля паражэння ад аўстрыйцаў выйшлі з П.р.; сілы рэспубліканцаў былі разбіты арміяй кардынала Ф.Руфа, якая пры дапамозе англ. флоту захапіла Неапаль. Улада Бурбонаў была адноўлена. Урад Фердынанда IV (I) парушыў падпісаную 23 чэрв. пачэсную капітуляцыю, якая гарантавала рэспубліканцам жыццё, і ўчыніў над імі расправу.
т. 12, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)